Мінскі аўтавакзал "Усходні" збіраюцца здаць у арэнду

Мінскі аўтавакзал "Усходні" збіраюцца здаць у арэнду, піша газета "СБ. Беларусь сегодня". Узровень перавозак пасажыраў аўтобусамі паступова зніжаецца, да таго ж у дзяржаўных перавозчыкаў ёсць канкурэнты-прыватнікі. Пасля ліквідацыі аўтавакзала "Маскоўскі" і спынення руху міжнародных ды міжгародніх аўтобусаў з "Усходняга", аўтавакзал "Цэнтральны" без праблемаў спраўляецца са сваімі функцыямі.
Мяркуецца, што памяшканні "Усходняга" можна будзе выкарыстоўваць пад пункты рэгістрацыі аўтатранспарту, офісы, візавы цэнтр, гандлёвыя аб'екты, гасцініцу, хостэл, аб'екты грамадскага харчавання, аказання юрыдычных, страхавых, бытавых, турыстычных паслуг. Вакзал гатовыя перадаць аднаму арэндатару, але ён зможа здаць у субарэнду не больш за 50% плошчаў. Таксама здавацца будзе і прылеглая тэрыторыя — былая стаянка рэйсавых аўтобусаў і паркоўка для легкавога транспарту.