Мінская міліцыя затрымала пенсіянера-мільярдэра за валютныя аперацыі
Аператыўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ў Мінску затрымалі 57-гадовага пенсіянера. Як паведамляе прэс-служба міліцыі, мужчына праводзіў валютна-абменныя аперацыі, не маючы спецыяльнага дазволу і адпаведнай рэгістрацыі. Па звестках праваахоўнікаў, за апошнія некалькі гадоў "валютчык" незаконна набыў замежную валюту на суму не менш за 109,6 мільярда рублёў у эквіваленце. З гэтай сумы толькі за два месяцы 2015 года ён набыў амаль 35 млрд рублёў.
Пенсіянера-валютчыка затрымалі пасля чарговага набыцця валюты. Пры ператрусе ў яго жытле выявілі больш за 40 тысяч долараў.
Выявілася, што мужчына неаднаразова набываў замежную валюту ў банках сталіцы для розных індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынку "Экспабел" у Мінску.
Дарэчы, летась на мужчыну пачыналі ўжо крымінальную справу за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Аднак тады яго вызвалілі ад крымінальнай адказнасці па амністыі, а крымінальную справу спынілі.
Цяпер на яго пачалі новую крымінальную справу. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй прадмета злачынства.
Фота: news.ngs.ru