Мінскае “Дынама” прайграла трэці раз запар у чэмпіянаце КХЛ

Мінскае хакейнае “Дынама” трэці раз запар пацярпела паразу ў чэмпіянаце КХЛ. 1 лістапада каманда гуляла на выездзе з рыжскімі аднаклубнікамі і саступіла з лікам 3:4 (1:0, 0:2, 2:2). Прычым на апошняй хвіліне лік быў 3:3, аднак перад самай фінальнай сірэнай “зубры” прапусцілі вырашальную для іх сапернікаў шайбу. Дарэчы, рыжскае “Дынама” на сёння з’яўляецца найгоршым клубам сярод 14 прадстаўнікоў Заходняй канферэнцыі КХЛ.
Шайбамі ў мінчан адзначыліся Аляксандр Мацярухін, Роб Клінкхамер і Сяргей Касціцын.
Пасля 25 матчаў мінскае “Дынама” мае 40 ачкоў і займае 7-е месца ў Заходняй канферэнцыі. Клуб атрымаў 10 перамогаў у асноўны час, 2 — у авертайме, 2 — па булітах. 9 разоў каманда прайгравала ў асноўны час, 2 — у авертайме. Розніца шайбаў склала 74-77.
Цяпер каманду чакае хатняя серыя з трох матчаў: 8 лістапада “зубры” прымаюць “Адмірал” з Уладзівастока, 10 лістапада — “Чырвоную зорку Куньлунь” (Кітай), 12 лістапада — хабараўскі “Амур”.