Мінэканомікі загадала правесці разлікі выдаткаў для пераходу на "ваенны час"

Ваенкамат, ілюстрацыйнае фота

Ваенкамат, ілюстрацыйнае фота / "Добрушскі край"

Міністэрства эканомікі разаслала ў мясцовыя органы ўлады ўказанне падлічыць выдаткі па пераводзе эканомікі краіны на "ваенны час". Пра гэта з уласных крыніц даведалася гомельскае выданне "Флагшток".

Паведамляецца, што запыты інфармацыі па падрыхтоўцы да стану ваеннага часу паступілі ў адміністрацыі і выканкамы. У першую чаргу маюцца на ўвазе выдаткі на забеспячэнне людзей і транспарту, утрыманне ваеннаабавязаных на тэрмін да 12 месяцаў. Звесткі трэба падаваць у Мінэканомікі, дзе падлічаць агульныя звесткі пра тое, колькі будзе каштаваць перавод Беларусі на "ваенны час".

Афіцыйна пра такі збор інфармацыі нічога не паведамляецца. Але, як заўважыў "Флагшток", гэта суадносіцца з указам Лукашэнкі ад 15 студзеня 2025 года "Аб упаўнаважаным дзяржаўным органе па мабілізацыйнай падрыхтоўцы эканомікі". Гэтым органам было вызначана Міністэрства эканомікі.

Інфармацыю пра тое, што такі запыт паступіў і падлікі ўжо вядуцца, журналістам пацвердзілі ў адным з органаў выканаўчай улады Гомельскай вобласці.

У "Флагштоку" падкрэсліваюць, што гэта не падрыхтоўка да хуткай вайны, а хутчэй — стратэгічнае планаванне, то бок фармальная падрыхтоўка да вайны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.