Мінэканомікі адмовілася ад рэгулявання адпускных цэнаў на хлеб і яйкі

Хлеб жытні і жытна-пшанічны, булачныя вырабы з пшанічнай мукі з утрыманнем па рэцэптуры цукру і тлушчаў у суме не вышэй за 14%, а таксама свежае курынае яйка выключаны са спісу тавараў, цэны на якія рэгулюе Міністэрства эканомікі. Гэта значыць, што вытворцы змогуць ўстанаўліваць адпускную цану на гэтую прадукцыю, не арыентуючыся на максімум, пазначаны дзяржавай.

У прэс-службе Мінэканомікі партал tut.by запэўнілі, што адмова ад рэгулявання лімітавых максімальных адпускных цэнаў на хлеб і яйкі не адаб'ецца істотна на кашальках спажыўцоў. Чыноўнікі мяркуюць, што кан'юнктура рынку дасць магчымасць устанавіць адэкватную цану, якая "не будзе істотна вышэй за цяперашнюю".

Дарэчы, Мінэканомікі пакінкла за сабой рэгуляванне гранічных максімальных гандлёвых надбавак на хлеб і яйкі. Сёння яны складаюць 15% і 20% адпаведна.

Нагадаем, у канцы сакавіка сёлета былі адпушчаныя цэны на ялавічыну і свініну.