Мінчукі і ДАІ дапамаглі хлопчыку, які згубіўся на вуліцы, знайсці бацькоў
Неабыякавыя мінчукі дапамаглі хлопчыку, які згубіўся на вуліцы, знайсці бацькоў. Інцыдэнта адбыўся ўвечары 25 кастрычніка ў раёне Партызанскага праспекта сталіцы.
Каля 18:00 мама з дзіцём выйшла на шпацыр. У нейкі момант жанчына адцягнулася і згубіла сына. Хлопчык папросту з'ехаў ад яе на бегавым ровары. Гэта такая развіваючая прылада: ровар без педаляў, на якім набіраюць хуткасць, адштурхоўваючыся нагамі ад зямлі.
Дзіця на бегаровары вельмі хутка апынулася на дарозе. Па шчаслівай выпадковасці, міма праходзіла жанчына і малады чалавек, якія не засталіся абыякавымі, забралі малога з праезнай часткі і выклікалі міліцыю.
"У дзяжурную часць Завадскога РУУС патэлефанавала жанчына і распавяла, што на Партызанскім праспекце ў раёне дома 26 па дарозе на бегаровары ездзіць дзіця 2-3 гадоў, дарослых побач няма. Жанчына забрала малога з праезнай часткі і патэлефанавала ў міліцыю. Аператыўна на месца выкліку прыбылі супрацоўнікі ДАІ, супакоілі дзіця, дапамаглі сесці ў патрульны аўтамабіль, — распавядае прэс-афіцэр Дзяржаўтаінспекцыі Завадскога раёна Мінска Анастасія Забаўская. — Дзіця маўчала, паводзіла сябе спакойна, не плакала. Мы ўключылі печку, каб яно сагрэлася".
Праз некалькі хвілінаў дзяжурны паведаміў экіпажу ДАІ, што матуля хлопчыка знайшлася. Яна сама паспела звярнуцца ў міліцыю па дапамогу ў пошуках двухгадовага сына.