Мінчук выцыганіў у дзяўчыны 10 тысяч долараў — нібыта, набываў ёй аўто
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС Мінска затрымалі 32-гадовага мінчука па падазрэнні ў махлярстве.
Паведамляецца, што раней мужчына адбываў пакаранне за нявыплату аліментаў ў папраўчай установе адкрытага тыпу. У вольны ад працы час ён рэгістраваўся на сайтах знаёмстваў, дзе прадстаўляўся Аляксандрам.
Падчас перапіскі з адной дзяўчынай ён даведаўся, што яна хоча набыць новы аўтамабіль. Мужчына прапанаваў дапамогу свайго знаёмца Яўгена, які нібыта разбіраецца ў гэтым пытанні. Пры асабістай сустрэчы Яўген атрымаў ад дзяўчыны 10 тысяч долараў ЗША. Ён паабяцаў дзяўчыне даставіць аўтамабіль з Масквы да навагодніх святаў, а таксама ў якасці падарунка даплаціць суму, якой не хапала для набыцця аўто.
Аднак аўтамабіль да дзяўчыны ў абяцаны час так і не прыбыў, таму яна папрасіла вярнуць раней перададзеную суму. Тады зламыснік пачаў шукаць адгаворкі, чаму няма ні машыны, ні грошай. Пасля гэтага пацярпелая звярнулася ў міліцыю. Толькі пасля гэтага яна даведалася, што Яўген і Аляксандр — гэта адзін і той самы чалавек.
Дарэчы, другую знаёмую па інтэрнэт-сайце мужчына справабаў падмануць іншым чынам. На першую сустрэчу ён прыехаў на арандаваным дарагім аўтамабілі і назваўся дырэктарам дрэваапрацоўчай кампаніі. Праз нейкі час зламыснік сказаў новай знаёмай, што ў яго на прадпрыемстве фінансавыя цяжкасці, і папрасіў пазычыць яму 10 000 долараў ЗША. Дзяўчына звярнулася ў міліцыю, дзе ёй паведамілі, што названай зламыснікам дрэваапрацоўчай кампаніі не існуе.
Цяпер на мужчыну пачалі крымінальную справу за махлярства. Праваахоўнікі мяркуюць, што гэты мужчына можа мець дачыненне да аналагічных злачынстваў. Таму яны просяць тых, хто пацярпеў ад дзеянняў мужчыны, паказанага на фота, паведаміць па тэлефонах: 8 (029) 653-17-63, 8 (033) 611-70-86, 8 (017) 207-67-67 або 102.
Канфідэнцыйнасць і ўзнагароджанне гарантуюцца.