Мінчанка пратэстуе, што яе справу спынілі з-за сканчэння тэрміну даўнасці

Спявачка Жанна Бразоўская (творчы псеўданім Жанна Знакава) падала скаргу ў Кастрычніцкі суд Мінска. Яна не згодная з тым, што суд спыніў яе адміністратыўную справу ў сувязі сканчэннем тэрміну на прыцягненне да адказнасці.
Сама ж дзяўчына лічыць, што яе справу павінны спыніць за недаказанасцю ўдзелу ў здзяйсненні правапарушэння. Яна звяртае ўвагу суда, што супрацоўнікі Кастрычніцкага РУУС парушылі працэсуальныя моманты. “Я атрымала па пошце толькі паведамленне. Копію пастановы аб спыненні вытворчасці па справе мне не накіроўвалі, як і не растлумачылі ў паведамленні маё права на атрыманне копіі пастановы аб спыненні і не растлумачылі канкрэтны парадак абскарджвання прынятага рашэння”, — цытуе яе праваабарончы сайт "Вясна".
Як распавядала Еўрарадыё, 15 снежня 2015 года незнаёмыя мужчыны ў цывільным спынілі Бразоўскую на вуліцы, паказалі ёй пасведчанні міліцыі і прапанавал паехаць з імі. Калі дзяўчына адмовілася, яе сілай запхнулі ў аўтамабіль без апазнавальных знакаў. Пазней міліцыянты заявілі, што абазналіся і прынялі Бразоўскую за жанчыну, абвешчаную ў вышук. У міліцыі на яе склалі пратакол за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.
Міліцыянты затрымалі не таго чалавека, а пасля абвінавацілі ў супраціўленні
Бразоўская пачала абскарджваць пратакол, які лічыць незаконным. Разгляд яе справы ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска пачаўся 28 студзеня. 10 лютага суд палічыў, што пратакол быў складзены з парушэннямі і адправіў матэрыялы справы на дапрацоўку ў Кастрычніцкі РУУС.