Мінадукацыі назвала даты ЦЭ і выпускных іспытаў у 2026 годзе

Іспыты, ілюстрацыйнае фота
Сталі вядомыя даты выпускных іспытаў для школьнікаў у 2026 годзе. Адпаведная пастанова Мінадукацыі з'явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 2 верасня.
Адзінаццацікласнікі будуць здаваць цэнтралізаваныя экзамены (ЦЭ) у наступныя дні:
прадмет на выбар — 26 траўня (аўторак) 2026 года. У гэтую дату будуць здаваць фізіку, матэматыку, хімію, біялогію, замежную мову, гісторыю Беларусі, геаграфію, грамадазнаўства;
беларуская ці руская мова — 29 траўня (пятніца) 2026 года.
Рэзервовымі днямі для тых, хто па ўважлівай прычыне не зможа прысутнічаць у гэтыя дні, абраныя 17 і 19 жніўня 2026 года.
Дзевяцікласнікаў (II ступень агульнай сярэдняй адукацыі) чакаюць чатыры выпускныя іспыты з 1 па 10 чэрвеня 2026 года:
беларуская мова — пераказ у пісьмовай форме;
руская мова — пераказ у пісьмовай форме;
матэматыка — кантрольная работа;
гісторыя Беларусі — вусна, па білетах.
Канкрэтныя даты па гэтых прадметах будуць названыя пазней.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.