Міліцыя ў Беларусі пачала штомесяц збіраць інфармацыю пра колькасць "дармаедаў"

Далейшае ўзмацненне мер у дачыненні да беспрацоўных / TUT.BY
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пачало патрабаваць ад дзяржаўных структур прадстаўлення штомесячных звестак пра беларусаў, не занятых у эканоміцы, паведамляе "Флагшток". Для гэтага рассылаюцца формы справаздачнасці, якія павінны запаўняцца да пачатку кожнага месяца. Затым дадзеныя абагульняюцца і накіроўваюцца ў МУС у выглядзе даклада.
Раней паведамлялася, што сілавікі сумесна з іншымі чыноўнікамі "апрацоўваюць грамадзян", якія знаходзяцца ў базе "не занятых у эканоміцы". Іх выклікаюць у РАУС на сходы, якія называюць "выхаваўчымі" і "прафілактычнымі" акцыямі.
Там з імі праводзяць гутарку пра неабходнасць працаваць, а пасля накіроўваюць у Цэнтр занятасці для выбару вакансіі.
Прадстаўленне штомесячнай справаздачнасці можа сведчыць пра далейшае ўзмацненне дзеянняў міліцыі ў дачыненні да беспрацоўных і павелічэнне ціску на іх з патрабаваннем афіцыйнага працаўладкавання.
Верагодна, каб МУС мог прадэманстраваць прыгожую статыстыку па скарачэнні "дармаедаў" і заявіць пра эфектыўнасць сваёй акцыі, піша "Флагшток".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.