Міхаіла Каўко, які падпаліў сабе рукі каля Ратушы, аштрафавалі на 3,6 млн

Мінчука Міхаіла Каўко, які правёў перформанс з падпальваннем рук каля мінскай ратушы, аштрафавалі на 3,6 млн рублёў. Такі прысуд вынесла 30 снежня суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня, інфармуе БелаПАН.
Каўко прызналі вінаватым у арганізацыі несанкцыяванага мерапрыемства і аштрафавалі на 20 базавых велічыняў.
Перформанс адбыўся ў цэнтры Мінску 25 снежня. Каўко падпаліў свае рукі ў спецыяльных пальчатках на знак пратэсту супраць таго, што людзі з праблемамі слыху не могуць выклікаць сабе хуткую дапамогу. На маладым чалавеку былі два плакаты: наперадзе — "Таварыства глухіх: мы будзем гарэць — ім будзе пляваць!", ззаду — "У Беларусі людзі з парушэннем слыху не могуць выклікаць службы экстранай дапамогі".
У цэнтры Мінска малады чалавек падпаліў свае рукі (фота)
Чалавека, які падпаліў сабе рукі ля мінскай Ратушы, выклікаюць у міліцыю
Каўко распавёў, што Беларускае таварыства глухіх прапанавала гарадскім уладам стварыць спецыяльны кол-цэнтр з перакладчыкамі, каб можна было прымаць паведамленні праз скайп. Але Мінгарвыканкам адмовіўся фінансаваць гэты праект. У адказ чыноўнікі прапанавалі набываць бранзалеты з кнопкай выкліку коштам ад 1,5 млн да 2 млн рублёў.
Фота: Сяргей Грыц