Беларускі цэмент трапіў пад польскія санкцыі

Польшча наклала санкцыі на "дачку" Беларускай цэментнай кампаніі

Польшча наклала санкцыі на "дачку" Беларускай цэментнай кампаніі / pixabay.com

МУС Польшчы наклала нацыянальныя санкцыі на польскую "дачку" Беларускай цэментнай кампаніі (БЦК) — фірму Białoruska Kompania Cementowa — Polska sp. z o.o. Адпаведнае рашэнне было прынятае па заяве Нацыянальнай падатковай адміністрацыі, заўважыла выданне MOST.

Польскія падаткавікі звярнулі ўвагу, што 100% акцый польскай кампаніі належыць беларускаму холдынгу з офісам у Мінску. Ён аб'ядноўвае буйныя дзяржпрадпрыемствы, якія вырабляюць цэмент. У снежні 2023-га БЦК трапіла пад санкцыі ЗША. А ў Польшчы кіруючую кампанію холдынгу ўнеслі ў "чорны спіс" 22 ліпеня 2025 года — за супрацу з Расіяй. У заяве гаворыцца, што БЦК пастаўляе ў РФ тавары, "якія ў значнай ступені спрыяюць функцыянаванню эканомікі, арыентаванай на ваенную прамысловасць".

Дзейнасць польскай кампаніі, як заявілі ў падатковым ведамстве, "непасрэдным чынам спрыяе развіццю і прыбытку яе беларускага акцыянера". Адпаведна, ёсць падставы залічыць фірму ў лік суб'ектаў, якія падтрымліваюць агрэсію Расіі супраць Украіны. Санкцыі супраць польскай "дачкі" БЦК, як падкрэсліваецца ў заяве, зменшыць эканамічныя рэсурсы Беларусі, "з выкарыстаннем якіх вядзецца агрэсія супраць Украіны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.