Літва атрымлівае ад Беларусі папярэджанні аб расійскіх дронах

Дроны, ілюстрацыйнае фота / futurezone.at
Беларускі бок перадае Літве інфармацыю аб расійскіх беспілотніках, якія накіроўваюцца ў бок гэтай краіны. Пра гэта ў інтэрв'ю нямецкаму выданню Die Welt расказаў намеснік міністра абароны Літвы Томас Гадляўскас.
Паводле яго, некаторыя дроны, якімі Расія атакуе Украіну, збіваюцца з курсу і праз Беларусь накіроўваюцца ў бок краін Еўрасаюза.
"Польшча атрымлівала папярэджанне ад Беларусі, што дроны знаходзяцца ў дарозе. У нас таксама ёсць свайго роду гарачая лінія для такіх выпадкаў з Беларуссю, што добра", — перадае DW словы літоўскага намесніка міністра абароны.
Расійскія дроны даволі часта залятаюць у Беларусь. Некалькі разоў яны праз тэрыторыю нашай краіны праляталі ў краіны NATO — Польшчу і Літву. У ноч на 10 верасня каля 20 беспілотнікаў апынуліся на тэрыторыі Польшчы. Польскі бок заявіў, што вялікая колькасць дронаў прыляцела з тэрыторыі Беларусі. У сваю чаргу Мінабароны Беларусі заявіла, што перадавала інфармацыю пра набліжэнне расійскіх беспілотнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.