Мазыраніна аштрафавалі за тое, што збіў дзіця і звёз яго з месца ДТЗ

Хлопчык са сваімі старэйшымі братамі пераходзіў дарогу па пешаходным пераходзе. У гэты момант на яго наехаў аўтамабіль.



Па словах відавочцаў, якія перадае onliner.by, чырвоная машына, меркавана Volkswagen, збіла дзіця і працягнула яго яшчэ некалькі метраў. Потым кіроўца спыніўся. Разам са сваёй пасажыркай ён выцягнуў хлопчыка з-пад машыны, пасадзіў у салон аўто і павёз у невядомым кірунку.



Праз гадзіну перапалоханы хлопчык у крыві прыйшоў дадому сам і распавёў, што яго высадзілі каля банкаматаў і з'ехалі. Фізічна дзіця пацярпела не моцна, затое вельмі спалохалася.



Дзякуючы відавочцам ДАІ знайшла кіроўцу. 50-гадовага мазыраніна аштрафавалі на 650 тысяч рублёў. Таксама яго пазбавілі права кіраваць транспартным сродкам на паўгода.



Бацькі хлопчыка такім рашэннем не задаволеныя і плануюць звяртацца ў суд.



Фота — womanshine.net