Лукашэнку цікава, чаму інвестары не ідуць у прамысловыя будынкі ў цэнтры Мінска

Былыя будынкі прамысловых прадпрыемстваў у цэнтры Мінска выкарыстоўваюцца нерацыянальна. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 лістапада, заслухоўваючы даклад аб выкарыстанні дзяржаўнай маёмасці, размешчанай у межах вуліц Кульман, Веры Харужай і Якуба Коласа.
"Справа ў тым, што апошнім часам шырокі грамадскі рэзананс атрымала сітуацыя з нерацыянальным выкарыстаннем вызваленых у нашай сталіцы капітальных пабудоваў прамысловых прадпрыемстваў. Размешчаныя яны ў цэнтры горада і могуць быць выгадна рэалізаваныя інвестарам. Пакуль так не атрымліваецца па асобных прадпрыемствах", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.
Праблемы з будынкамі не вырашаюцца гадамі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, яшчэ ў студзені 2014 года ён даў распараджэнне пра адчужэнне 18 невыкарыстоўваных дзяржаўных будынкаў Мінскага вытворчага аб'яднання вылічальнай тэхнікі. Іх трэба было прадаць праз аўкцыён на працягу года. Аднак чатыры аўкцыёны па іх продажы не змаглі адбыцца праз адсутнасць удзельнікаў.
Цяпер, кажа Лукашэнка, з'явіліся новыя магчымасці для адчужэння гэтых аб'ектаў. "Месца прывабнае. Адпаведныя службы мяне інфармуюць аб рознага кшталту хітраспляценнях вакол гэтага пытання. Хтосьці пайшоў па сваяках, знаёмых. Хтосьці кагосьці лабіруе. Хтосьці хоча бясплатна. Улічваючы ўсё гэта, я хацеў паглядзець на гэтае пытанне асабіста і публічна, каб больш не было размоваў, што тут нехта за спіной у прэзідэнта круціць-верціць", — патлумачыў ён сваю пазіцыю.
Лукашэнка пацікавіўся, якія прапановы атрымалі патэнцыйныя пакупнікі. Таксама ён спытаў, чаму названыя будынкі не выкарыстоўвае дзяржава.