Лукашэнка запрасіў дубайскага шэйха часцей бываць у Беларусі

Дзверы Беларусі заўсёды адчыненыя для Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і эмірата Дубай. Такую заяву Аляксандр Лукашэнка зрабіў на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам, прэм'ер-міністрам і міністрам абароны ААЭ, правіцелем эмірата Дубай шэйхам Мухамедам бен Рашыдам аль-Мактумам.
"Я хацеў бы выкласці галоўную сваю пазіцыю на нашай сустрэчы, каб вы часцей бывалі ў Беларусі. У гэтым наша вялікая цікавасць. Нам трэба выводзіць нашыя эканамічныя адносіны на ўзровень асабістых і палітычных", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.
Шэйх Мухамед бен Рашыд аль-Мактум падкрэсліў, што вельмі рады візіту Лукашэнкі. Ён таксама лічыць неабходным развівваць адносіны з Беларусю. Дубайскі шэйх цёпла адазваўся пра Беларусь і яе людзей.
Перад гэтым у сталіцы Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў адбылася сустрэча Лукашэнкі са спадчынным прынцам Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам.