Лукашэнка: За час "дыктатуры" ў два разы зменшылася колькасць зняволеных
7 жніўня кіраўнік дзяржавы правёў нараду, прысвечаную праекту закона, які прадугледжвае змены ў крымінальным і крымінальна-працэсульным заканадаўстве.
Гаворка ішла пра выкарыстанне дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве. Гэта калі абвінавачаны аказвае садзейнічанне следству і атрымлівае змякчэнне пакарання. А таксама ўкараненне крымінальна-прававой кампенсацыі, калі падазраваны замест зняволення можа выплаціць штраф. Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што змяненні ў Крымінальным кодэксе ні ў якім разе не павінныя даць злачынцу магчымасць сысці ад адказнасці.
"Так, у нас не ўсё добра, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Мы яшчэ ў чымсьці адстаем, але мы не Украіна, не Расія і нават не Захад. У нас усё-такі праваахоўныя органы больш-менш жорстка працуюць. Не магу сказаць, што ў нас прынцып няўхільнасці пакарання працуе горш, чым у іншых краінах. Пры гэтым у нас за час "дыктатуры" Лукашэнкі сядзельцаў ў турме ў параўнанні з "дэмакратычнымі часам" стала ў два разы менш. Гэта значыць, мы з нашым заканадаўствам цалкам паспяхова змагаемся са злачынствамі, і нас ніхто не можа абвінаваціць у тым, што мы перасаджалі ўсіх у турму".
Лукашэнка па выніках нарады даручыў прадаставіць яму кароткі і дакладны аналіз зменаў, якія прапануюцца.
Фота — ria.ru