Каля 100 тысяч літоўцаў могуць быць затрыманыя пры паездцы ў Беларусь — ДДБ

На беларуска-літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

На беларуска-літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота / vk.com/gpkgovby

Грамадзяне Літвы пры паездцы ў Беларусь могуць быць затрыманыя за падпіску на канал "DELFI Літва". Пра гэта папярэджвае Дэпартамент дзяржбяспекі (ДДБ) Літвы.

Пасля таго, як рэжым Лукашэнкі абвясціў канал "DELFI Літва" на YouTube экстрэмісцкім, адзначаюць у ДДБ, павялічылася верагоднасць затрымання грамадзян Літвы, якія адпраўляюцца ў Беларусь.

Рэжым Лукашэнкі ў ліпені 2025-га абвясціў рускамоўны YouTube-канал "DELFI Літва" экстрэмісцкім і ўключыў у так званы “спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў". Падпіска на такія каналы лічыцца ў Беларусі адміністрацыйным правапарушэннем, за што пагражае да 15 сутак арышту.

У ДДБ падкрэсліваюць, што раней былі выпадкі, калі супрацоўнікі беларускіх рэпрэсіўных органаў на мяжы шукалі ў гаджэтах літоўскіх грамадзян звесткі аб наведванні сайтаў, прызнаных экстрэмісцкімі, піша DELFI. За гэта людзе арыштоўвалі.

Канал "DELFI Літва" папулярны сярод рускамоўных жыхароў Літвы: у яго больш за сто тысяч падпісчыкаў.

Літоўская разведка папярэджвае, што рэжым Лукашэнкі для барацьбы з палітычнымі апанентамі актыўна выкарыстоўвае спісы экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый, асобных людзей і інтэрнэт-крыніц. Таму ДДБ заклікае грамадзян Літвы ўстрымацца ад любых паездак у Беларусь, бо яны ўяўляюць пагрозу іх бяспецы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.