Да забойства Паўла Шарамета датычны Лукашэнка — BYPOL

Павел Шарамет і машына, у якой яго ўзарвалі, калаж
Забойства журналіста Паўла Шарамета заказаў Аляксандр Лукашэнка, а выканалі афіцэры падраздзялення КДБ "Альфа". Гэта сцвярджаецца ў расследаванні, якое выпусцілі былыя беларускія сілавікі, аб'яднаныя ў арганізацыю BYPOL.
Яны спасылаюцца на словы былога супрацоўніка Службы бяспекі Лукашэнкі, які звязаўся з удзельнікамі BYPOL. Ён выйшаў на кантакт некалькі месяцаў таму.
Прычынай называюць асабістую непрыязь, якую Лукашэнка меў да Шарамета яшчэ з 1997 года. Тады журналіст рабіў рэпартаж пра кантрабанду на беларуска-літоўскай мяжы і быў арыштаваны. Вызвалены ён быў толькі пасля ўмяшання ў справу прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына.
Паводле звестак BYPOL, адным з магчымых удзельнікаў злачынства быў Вячаслаў Сідаракін. Беларуская прапаганда згадвала яго імя ў фільме "Аперацыя "Манкурты". Частка 2". Сідаракін дапамагаў афіцэру КДБ збегчы з Беларусі з архівам сакрэтных дакументаў.
Таксама ў расследаванні называюць яшчэ аднаго байца спецпадраздзялення "Альфа" — Юрыя Гаркача. У 2022 годзе яго асудзілі за незаконныя дзеянні са зброяй на чатыры гады калоніі.
Увесну 2012 года Гаркач стаў памочнікам па асаблівых задачах старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. Справаздачу Гаркач даваў непасрэдна толькі яму. Яму вылучылі з гаража "Альфы" службовы аўтамабіль – чорны BMW X5. Таксама ён атрымаў асобны кабінет у цэнтральным будынку штаба КДБ з доступам да аператыўнай базы даных.
Паведамляецца, што Гаркач на базе падраздзялення "Альфа" стварыў спецыяльны аддзел для выканання асаблівых задач кіраўніка КДБ. У гэты аддзел узялі Сідаракіна, а таксама снайпера "Альфы" Аляксандра Зайцава — сына старшыні КДБ. Гэтая група атрымлівала заданні для выканання асаблівых задач за мяжой. Грошы на гэта вылучаліся праз першае Галоўнае ўпраўленне знешняй разведкі КДБ. Юрыдычнымі кансультацыямі Гаркачу дапамог следчы КДБ Іван Санько, які ў той час сябраваў з Вадзімам Зайцавым.
У траўні-чэрвені 2012 года Зайцаў даў Гаркачу 15 тысяч долараў гатоўкай. На гэтыя грошы група з пяці чалавек з'ездзіла ў Расію і вярнулася праз некалькі дзён. BYPOL дапускае, што гэта была разведка ў дачыненні да Шарамета, які тады жыў на дзве краіны — Расію і Украіну. Таксама ўсе яны ездзілі ва Украіну цягам 2012-2016 гадоў. Прычым Сідаракін у 2016 годзе ездзіў ва Украіну тройчы — з 13 да 17 сакавіка, з 13 да 17 красавіка і з 9 да 12 чэрвеня.
У BYPOL мяркуюць, што мужчына, якога заўважылі ўначы каля аўто Шарамета, візуальна падобны да Сідаракіна, а жанчына побач з ім — да Таццяны Казловай, якая з 2000 г. служыла ў спецпадраздзяленні "Алмаз" МУС Беларусі. Аднак афіцыйна з 2012 года жанчына мяжу з Украінай не перасякала.
Павел Шарамет — журналіст беларускага паходжання. Працаваў на беларускія, расійскія, украінскія СМІ. 20 ліпеня 2016 года загінуў ад выбухоўкі, якую падклалі яму пад аўтамабіль.




Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.