Лукашэнка: Я занадта нацыяналістычны

Лукашэнка: Я занадта нацыяналістычны

10 красавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб беларускае тэлебачанне стала лепшым: і “карцінка”, і падача матэрыялу. “Я хачу глядзець толькі свае каналы, — цытуе яго словы БЕЛТА. — Я занадта нацыяналістычны ў гэтым плане”.  

Таксама Лукашэнка заявіў, што беларускія тэлеканалы павінны вяшчаць на ўласнай, а не замежнай платформе: “Гэта не значыць, што мы кепска адносімся да Эрнста [гендырэктара расійскага “Першага канала”], не. Ён нармальны, творчы, добры чалавек. Але гэта павінна быць наша”.

Кіраўнік дзяржавы прапануе кепскія расійскія тэлесерыялы на беларускіх тэлеканалах замяніць на добрыя беларускія серыялы, якія рэальна здымаць уласнымі сіламі.

Кіраўнік АНТ Марат Маркаў паведаміў, што гэты тэлеканал у сваім эфіры выкарыстоўвае 46% айчыннага кантэнту, астатняя частка — расійская. Каб павялічыць уласны кантэнт на 1% на працягу года канал мусіць укласці 130 тысяч долараў уласных сродкаў. Атрымліваецца, што калі б АНТ запоўніла свой эфір уласным кантэнтам на 100%, спатрэбіцца больш за 7 мільёнаў долараў. Маркаў сказаў, што ў адзін момант зрабіць гэта немагчыма. Выхад ён бачыць у падтрымцы тэлеканалаў спонсарамі ў пераходны перыяд. Лукашэнка паабяцаў тэлеканалам падтрымку.