Лукашэнка расказаў пра дыверсантаў на мяжы
Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці
Аляксандр Лукашэнка ў аўторак сабраў нараду па сітуацыі на мяжы. На парадку дня — "сур'ёзныя мерапрыемствы на мяжы з мэтай недапушчэння на тэрыторыю Беларусі рознага роду дыверсантаў", расказаў Лукашэнка. З яго слоў, "апошнім часам такія выпадкі пачасціліся". У сувязі з гэтым ён чакае "вычарпальных прапаноў па супрацьдзеянні".
Кіраўнік КДБ Іван Тэртэль са свайго боку заявіў, што прагназуе "значнае абвастрэнне аператыўнай абстаноўкі, якая складваецца вакол Беларусі".
У канцы мінулага тыдня падчас візіту ў чарнобыльскія рэгіёны (Веткаўскі раён) Лукашэнка назваў Брэсцкую і Гомельскую вобласці "прыфрантавымі". Акрамя таго, ён прызнаў, што "людзі напружаныя" праз вайну ў суседняй Украіне, але сказаў: "Я ваяваць не хачу".