Лукашэнка пра В’етнам: “Мяне не пакідае пачуццё, што я прыехаў на родную зямлю”
Кіраўнік Беларусі сустрэўся з прэзідэнтам В’етнама Чыонг Тан Шангам. Падчас сустрэчы ён заявіў, што гэтая краіна з’яўляецца нашым важнейшым партнёрам у Паўднёва-ўсходняй Азіі.
І таксама адзначыў, што дзве краіны маюць вялікія рэзервы для далейшага развіцця адносінаў. Перш за ўсё, у гандлёва-эканамічнай сферы.
Аляксандр Лукашэнка ўжо не ў першы раз наведвае В'етнам.
“І я не пазнаю наш В'етнам. Ён мяняецца на вачах. І мы радыя за вас. І мяне не пакідае пачуццё таго, што я прыехаў на родную зямлю”, — цытуе словы кіраўніка Беларусі БЕЛТА.
Чыонг Тан Шанг заявіў, што Беларусь паслядоўна працягвае свой шлях развіцця.
“Я цвёрда перакананы, што беларускі народ пад вашым кіраўніцтвам будзе дасягаць новых поспехаў у сацыяльна-эканамічным развіцці, што дапаможа палепшыць жыццё людзей і павысіць пазіцыю Беларусі ў Еўропе і на міжнароднай арэне”, — лічыць прэзідэнт В'етнама.
Па выніках перамоваў прэзідэнты прынялі сумесную заяву аб умацаванні і ўсебаковым развіцці адносінаў паміж краінамі.
Шэраг дакументаў падпісаны на міжведамасным узроўні. У прыватнасці, заключана пагадненне аб навучанні грамадзян В'етнама ў ВНУ Беларусі, дарожная карта развіцця супрацоўніцтва паміж акадэміямі навук дзвюх краінаў, план супрацоўніцтва ў сферы турызму на 2016-2018 гады.
Акрамя таго, падпісаны мемарандум і план развіцця супрацоўніцтва паміж Віцебскай вобласцю і правінцыяй Бінь Тхуа.
Фота: belta.by