Лукашэнка па тэлефоне даведаўся пра сітуацыю з каранавірусам у Беларусі

Лукашэнка па тэлефоне даведаўся пра сітуацыю з каранавірусам у Беларусі

Аляксандру Лукашэнку праінфармавалі пра сітуацыю з каранавірусам у Беларусі. 12 лютага яму патэлефанаваў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, паведамляе тэлеграм-канал Пул Першага. Выпадкаў захворвання і заражэння ў нашай краіне не зафіксавана, запэўніў міністр. Ён распавёў пра меры, якія прымаюцца, каб каранавірус не патрапіў у Беларусь. Таксама Каранік паведаміў, што гуманітарная дапамога, раней адпраўленая ў Кітай двума самалётамі, ужо раздадзеная. Цяпер рыхтуецца "другі этап дапамогі".

Па апошніх звестках у КНР памерлі 1310 чалавек, заражаныя больш за 48 тысяч.

Прэс-служба кіраўніка дзяржавы паведамляе, што з 30 студзеня праца ўсіх арганізацый аховы здароўя ў Беларусі пераведзена ў рэжым павышанай гатоўнасці. Былі створаны рэзервы сродкаў індывідуальнай абароны і лекаў. Лукашэнка сказаў Караніку, што меры па мінімізацыі пагрозы завозу і распаўсюду каранавіруснай інфекцыі павінны быць эфектыўнымі, але не празмернымі. Было абмеркавана ўзаемадзеянне ў гэтай справе розных міністэрстваў і ведамстваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.