Лукашэнка не мае ў чым папракнуць цыгарэтных кантрабандыстаў

Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Лепельскі раён 31 кастрычніка 2025 года

Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Лепельскі раён 31 кастрычніка 2025 года / прэс-служба Лукашэнкі

У арганізацыі цыгарэтнай кантрабанды з Беларусі Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў грамадзян Літвы. Пра гэта ён заявіў у пятніцу падчас паездкі ў Лепельскі раён, каментуючы рашэнне ўрада Літвы закрыць мяжу з Беларуссю да 30 лістапада.

Лукашэнка абвінаваціў улады Літвы і Польшчы ў тым, што яны давялі сваіх грамадзян да неабходнасці займацца кантрабандай: "Улады літоўскія і польскія, вы вінаватыя, што так адбываецца. Вы навошта паставілі людзей у такія ўмовы? Навошта вы іх штурхнулі на шлях злачынства?"

Ён заявіў, што грамадзяне Беларусі легальна куплялі цыгарэты на вытворчасці і перапрадавалі іх грамадзянам Літвы, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі. А потым ужо літоўцы перапраўлялі цыгарэты праз мяжу невялікімі порцыямі з дапамогай аэрастатаў. Пазней гэтыя цыгарэты, паводле Лукашэнкі, прадавалі ў Нідэрландах і Англіі.

"Як я магу з іх спытаць, у чым тут віна Беларусі? Я не бачу, за што караць людзей. Яны хацелі зарабіць — яны зарабілі. Калі б яны скралі гэтыя цыгарэты... Не, яны заплацілі", — сказаў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.