Лукашэнка — міліцыі: Свет звар'яцеў, але мы не павінны паваліцца на калені

Лукашэнка — міліцыі: Свет звар'яцеў, але мы не павінны паваліцца на калені

Першыя гады станаўлення беларускай міліцыі адбываліся падчас утварэння незалежнай Беларусі ў 90-х гадах і праходзілі ва ўмовах амаль поўнага абвалу эканомікі і дэградацыі ўсіх сфер жыцця грамадства. 

З такой заявай Аляксандр Лукашэнка выступіў 3 сакавіка на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 100-гадоваму юбілею беларускай міліцыі, паведамляе яго прэс-служба. Такім чынам, кіраўнік дзяржавы абазначыў, што адлічвае гісторыю міліцыі з 1990-х гадоў, а не з 1917-га. 

Ён адзначыў, што 90-я гады мінулага стагоддзя адзначаліся разгулам злачыннасці і відавочнай слабасцю ўлады. "Беларускаму народу спатрэбілася абарона, спатрэбілася надзейнае плячо. І мы з вамі здолелі вярнуць упэўненасць народа ў заўтрашнім дні, забяспечыць правапарадак і адрадзіць аўтарытэт дзяржавы", — заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі адзначыў, што на працу міліцыі грамадства заўжды звяртае пільную ўвагу. "Праўдай з'яўляецца і тое, што толькі лянівы не кінуў камень у бок міліцыі. Калі што-небудзь дзе-небудзь здарылася, хто вінаваты? Перш за ўсё міліцыя. Але ў гэтым ёсць вялікі плюс: гэта значыць, што ў свае цяжкія імгненні жыцця кожны чалавек бачыць дапамогу перш за ўсё з боку міліцыі", — зрабіў выснову Лукашэнка.

Ён параіў міліцыянтам спакойна рэагаваць на крытыку. "А калі хтосьці вас і крытыкуе (а часам і незаслужана), вы павінны разумець, што мы на пярэднім краі і часам за намі нікога няма, таму будуць крытыкаваць. Вы павінны ўспрымаць гэта спакойна", — рэкамендаваў кіраўнік Беларусі. 

Па яго словах, міліцыя сёння забяспечвае належны ўзровень грамадскай бяспекі ў краіне. І гэта, маўляў, адзначаюць нават замежныя госці Беларусі. 

Кіраўнік дзяржавы зазначыў, што поспехі не павінны стаць падставай для заспакаення, бо ёсць шэраг негатыўных з'яваў, а некаторыя віды злачыннасці набываюць міжнародную афарбоўку і транснацыянальны характар.

"Ілюзіяў сёння быць не павінна: раскалоць наша грамадства і дэстабілізаваць абстаноўку, а тым больш аказаць на нас які б там ні быў ціск, ні ў кога не атрымаецца. Але кожны дзень, кожны год ахвочых гэта зрабіць будзе не менш. Вы бачыце, што адбываецца вакол. Свет звар'яцеў. І калі не зайздрасць, то неразуменне таго, што адбываецца ў нашай краіне, штурхае многіх да таго, каб і мы былі такія, як яны. І вось тут мы не павінны паваліцца на калені. Мы павінны ўтрымаць сваю краіну і абараніць свой народ", — паведаміў Лукашэнка міліцыянтам.