Лукашэнка хвалюецца, што мінчукі "задыхаюцца ў брудзе"
Таму кіраўнік Беларусі загадаў пабудаваць вакол Мінска другую кальцавую дарогу.
Абмеркаванне гэтага пытання адбылося ў Аляксандра Лукашэнкі ў пятніцу, 28 лютага.
На думку Лукашэнкі, цяперашняя кальцавая аўтадарога вакол беларускай сталіцы перагружаная, у тым ліку і ў сувязі з ростам транзітнай плыні транспарту праз Беларусь. Да таго ж, на думку прэзідэнта, стварэнне "другога кола" станоўча адаб'ецца на экалагічнай сітуацыі ў горадзе.
"Мы неадкладна павінны пачаць работы па будаўніцтве другой кальцавой дарогі вакол Мінска для таго, каб Мінск не задыхнуўся ў гэтым брудзе, каб 2 млн чалавек, чвэрць насельніцтва нашай краіны, не адчувалі гэтую праблему", — перадае interfax.by словы кіраўніка дзяржавы.
Ён мяркуе, што пабудова другой кальцавой добра адаб'ецца на здароўі мінчукоў: "Трэба мець на ўвазе, што ад гэтага і ўсе хваробы. І нам прыйдзецца плаціць шалёныя грошы для таго, каб лячыць людзей. Гэта таксама не трэба забываць".
Разам з тым кіраўнік дзяржавы не думае, што ў Мінску будзе сур'ёзна расці колькасць асабістага транспарту гараджан. Аднак ён чакае інтэнсіфікацыі транзіту ў геаметрычнай прагрэсіі.
На першым этапе плануецца пабудаваць 44 км дарогі — участак ад Астрашыцкага Гарадка да Аксакаўшчыны.
Фота — belarus.by