Лукашэнка даў спартовым функцыянерам рэкамендацыі па ўтрыманні палюбоўніц
Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА
4 красавіка Аляксандр Лукашэнка склікаў чарговую нараду па падтрымцы спартовых арганізацый. І як заўжды, гаворка зайшла пра грошы.
Лукашэнка пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні і кантралююцца дзяржаўныя грошы, вылучаныя клубам і федэрацыям.
"Не праблема сёння паглядзець, куды сыходзяць гэтыя грошы. Родных, блізкіх, палюбоўніц вы, калі ласка, утрымлівайце за свае грошы. Наколькі справядліва і па-гаспадарску клубы распараджаюцца сродкамі або проста іх тупа асвойваюць? На якія мэты накіроўваюць фінансы?" — перадае БЕЛТА яго словы.
Лукашэнка заявіў, што спытае з Міністэрства спорту за спартыўныя аб'екты, якія каштуюць мільярды рублёў. Пры гэтым ён дадаў, што дзяржаўная падтрымка спартовай галіне спыняцца не будзе. Але паставіў умову: "Не будзе ніякіх грошай, калі не будзе прагрэсу".