Літва забараніла ўезд з Беларусі на матацыклах, мапедах і матароварах

Матацыкл, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Літву з Беларусі цяпер нельга будзе праехаць на матацыкле, мапедзе ці матаровары праз прапускныя пункты Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). Адпаведную пастанову прыняў урад Літвы.
"Перамяшчэнне праз гэтыя пункты пропуску з Беларуссю будзе магчымае толькі на аўтатранспарце", — паведамляе прэс-служба Кабміна.
Сваё рашэнне літоўскі ўрад абгрунтоўвае "ўзрослымі пагрозамі бяспецы дзяржавы". Іх тлумачаць "нелегальнай міграцыяй" з тэрыторыі Беларусі, а таксама "змененай тактыкай дзеянняў супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў і памежных органаў на мяжы".
Ініцыятарам рашэння стала Міністэрства ўнутраных спраў. У МУС кажуць, што з 1 сакавіка 2024 года, калі пешаходам і раварыстам забаранілі перасякаць мяжу ў пунктах Мядзінінкай і Шальчынінкай, было зафіксавана "значнае павелічэнне спробаў перасячэння мяжы на матацыклах, мапедах і матарызаваных роварах". Напрыклад, у першым квартале 2024-га было зарэгістравана 285 такіх выпадкаў, а за тры месяцы 2025-га — ужо 6170 (у 21,6 раза больш).
Таксама пастанова прапануе "часова абмежаваць" перамяшчэнне людзей праз названыя памежныя пункты, калі выявяцца факты "выкарыстання мігрантаў беларускімі службовымі асобамі". Літоўскі бок сцвярджае, што апошнім часам зафіксаваў "спробы беларускіх чыноўнікаў накіроўваць мігрантаў праз пункты пропуску без неабходных дакументаў або без выканання патрабаванняў Шэнгенскага кодэкса аб межах".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.