Лінас Лінкявічус: Літва плануе спрасціць выдачу візаў беларусам

Лінас Лінкявічус: Літва плануе спрасціць выдачу візаў беларусам

Літва не толькі ўводзіць санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва, але і думае пра дапамогу беларусам. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў гэтай краіны Лінас Лінкявічус

Літва, Латвія і Эстонія ўвялі санкцыі супраць 30 высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. Але, як адзначае ru.delfi.lt, гэта не адзін "чорны спіс" для ўсіх трох краін. Аднолькавая ў іх толькі колькасць прозвішчаў, а самі спісы складалі ў кожнай з трох краін свае.

У літоўскі "чорны спіс" трапілі Аляксандр Лукашэнка, яго сын Віктар (памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы), некалькі міністраў, кіраўнікі КДБ, міліцыі, Цэнтральнай выбарчай камісіі. Агулам МЗС Літвы прапанавала ўключыць у санкцыйны спіс 118 прозвішчаў. Гэты крок цяпер разглядаецца. "На мой погляд, гэта не толькі сімвалічны крок, таму што Літва — папулярны кірунак для грамадзян Беларусі", — падкрэсліў Лінкявічус.

Ён заклікаў не засяроджвацца на санкцыях, а сканцэнтравацца на дапамозе жыхарам Беларусі. Літоўскі ўрад неўзабаве прадставіць праект мер дапамогі ахвярам рэжыму. Магчыма, гэта будуць стыпендыі студэнтам, навукоўцам, дапамога грамадзянскай супольнасці. Таксама , па словах Лінкявічуса, абмяркоўваецца і спрашчэнне механізму выдачы віз грамадзянам Беларусі.

Літоўскі міністр паведаміў, што міністры Еўрасаюза падтрымалі яго прапанову стварыць фонд дапамогі ахвярам рэжыму Лукашэнкі. Еўракамісія пастанавіла выдзеліць на гэта 2,4 мільёна еўра.

Пры гэтым працягваецца ўзгадненне санкцый ЕС супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму. "Еўрапейскія санкцыі нашмат больш магутныя па юрыдычных мерах (...) Яны прадугледжваюць забарону на ўезд у Шэнгенскую зону і замарожванне рахункаў", — падзяліўся падрабязнасцямі Лінкявічус.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.