"Лезуць страшныя думкі": Ціханоўская шчыра расказала пра боль за мужа

Святлана Ціханоўская на фестывалі "Яднайся" / t.me/tsikhanouskaya
Многія не ведаюць, што сказаць сваякам палітвязняў, кажа Вольга Гарбунова, прадстаўніца Пераходнага кабінета па сацыяльных пытаннях.
Што рабіць, калі не ведаеш, чым дапамагчы? І што казаць, калі ў галаве толькі "не ведаю, што сказаць”?
Былыя палітвязні і іх сваякі (сярод іх і Святлана Ціханоўская) пагаварылі пра гэта на фестывалі “Яднайся”.
Што яшчэ за фестываль?
“Яднайся” — гэта не зусім такі летні фестываль, якія любілі беларусы да 2020 года. Адзін з хэдлайнераў — Святлана Ціханоўская, а сярод актыўнасцяў — магчымасць падпісаць петыцыю, узяць адрас палітвязня або скласці з кубікаў фразу "Будуем грамадзянскую супольнасць".

На адным са стэндаў можна адзначыць на шкале свае палітычныя погляды: вы хутчэй Аляксандр Саладуха ці Лявон Вольскі? У фотазоне — таблічкі з цытатамі з лістоў палітвязняў. Адным словам, летні фестываль, які мы [не] заслужылі.
"Яднайся" праходзіць у Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве. Калі вы не Філіп Шаўроў, якому ўлады Польшчы афіцыйна забаранілі набліжацца да хаба, прыходзьце знаёміцца адно з адным. З 19:00 да 20:00 тут будзе грымець музыка.
Ціханоўская: "Не дазваляю сабе стаць слабай і сказаць, што мне таксама цяжка і балюча"
З падачы Гарбуновай, якая ў дыскусіі пра дапамогу палітвязням адказвала адразу за мадэрацыю і за эмпатыю, Ціханоўская сёння стала проста жонкай палітвязня. Ад яе мужа Сяргея Ціханоўскага няма вестак ужо 97 дзён.
— На тым, што я жонка палітвязня, вельмі рэдка акцэнтуюць увагу. Часта пра гэта забываюць. І ты ніколі сабе не дазваляеш стаць слабай і сказаць, што табе таксама балюча. Што табе кожны раз даводзіцца нешта казаць маме Сяргея, сваім дзецям.
Дачка ў часы нашых рэдкіх сустрэч плача, кажа, што збірае ў скарбонку грошы на танк, каб ісці тату вызваляць. Старэйшаму дзіцяці ў пераходным узросце таксама патрэбны тата, патрэбны мужчына, а яму няма да каго звярнуцца. І ты стараешся быць для яго і мамай, і татам.

Але не можаш сабе дазволіць пра гэта гаварыць, не хочаш, каб табе спачувалі.
Кажаш: я моцная і дам рады. Шмат каму яшчэ горш, я ж не праходзіла праз катаванні, праз якія праходзілі тыя, хто тут прысутнічае. Але так, мне цяжка.
"Для чаго гэтая цішыня?"
Навінаў пра Сяргея Ціханоўскага няма ўжо 97 дзён, нагадвае Вольга Гарбунова.
— Так, нельга параўноўваць, як страшна тым, хто на волі чакае весткі ад блізкага, і тым, хто сядзіць, хто чакае, калі прыйдзе адвакат, хто чакае лістоў і думае, што на яго ўсе забыліся, — кажа Ціханоўская. — Напэўна, Сяргей дагэтуль не ведае, што ягоны пяты адвакат пазбаўлены ліцэнзіі, што яго да яго не пускаюць. А мне лезуць у галаву самыя страшныя думкі: чаму ад яго няма вестак?
Раней ён стабільна два разы на месяц дасылаў лісты. А цяпер — нічога. Думаеш: жывы ці не жывы? І гоніш ад сябе гэтыя думкі.
Доўгія тыдні няма навінаў пра Віктара Бабарыку, Максіма Знака, Марыю Калеснікаву, Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча.
У зале заўважаюць, што ёсць яшчэ мноства і "безыменных", немедыйных палітвязняў, пра якіх няма навінаў. Як прабіць гэты "рэжым цішыні"? Палітвязень Аляксандр Кабанаў падказвае, як наладзіць сувязь з калоніямі.

Пакуль журналістка ВВС задавала пытанні, Ціханоўскую абдымала маленькая дзяўчынка. Яе мама і тата — абое палітвязні. І калі Святлана ішла "да людзей", журналісту Еўрарадыё ўсё ж удалося задаць ёй адно пытанне: а хто абдымае вас?
— Дома — дзеткі. Ну і вось людзі вакол. Яны і падтрымліваюць. Куды ні прыйду. Я вельмі зараджаюся ў паездках на сустрэчах з беларусамі. Мне таксама патрэбная гэтая падтрымка. І для мяне важна, калі мяне таксама абдымаюць, калі дзеляцца са мной энергіяй. Бо калі атрымліваеш дрэнныя навіны ці хтосьці брудам палівае — гэта цяжка. А такія сустрэчы зараджаюць энергіяй.
З сем'ямі іншых палітвязняў камунікую па магчымасці. Але не з усімі. Тыя, хто ў Беларусі, баяцца падтрымліваць кантакт, і я з павагай да гэтага стаўлюся. Але калі ў чалавека ёсць неабходнасць пагаварыць — я заўсёды "за".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.