"Лепш бы ён паехаў у Беларусь": Туск выказаўся пра польскага экс-міністра
Дональд Туск, прэм’ер-міністр Польшчы / PAP
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск хацеў бы, каб былы генпракурор і міністр юстыцыі Збігнеў Зёбра паехаў у Беларусь, а не ў Венгрыю, піша польскае медыя TVN24.
Напярэдадні Нацыянальная пракуратура паведаміла пра падачу ў раённы суд Варшавы хадайніцтва аб арышце былога кіраўніка Міністэрства юстыцыі тэрмінам на тры месяцы. Хадайніцтва датычыцца абвінавачанняў у злоўжыванні сродкамі Фонду юстыцыі. Зёбра ў сваім допісе на платформе X заявіў, што "заўсёды дзейнічаў у адпаведнасці з законам" і назваў дзеючыя польскія ўлады злачыннымі.
Зараз Зёбра знаходзіцца ў Будапешце, што ставіць пад пагрозу і без таго складаныя польска-венгерскія адносіны, кажа Туск.
"Лепш бы ён паехаў у Беларусь. Больш за тое, хутчэй за ўсё, менавіта там ён і апынецца, побач з суддзём Шмідтам, таму што там ён будзе ў бяспецы, бо Лукашэнка наўрад ці прайграе выбары", — сказаў Туск.
У чым падазраюць польскага міністра?
У мінулую пятніцу ніжняя палата парламента зняла са Збігнева Зёбра недатыкальнасць ад крымінальнага пераследу па ўсіх 26 абвінавачаннях, выстаўленых супраць яго Нацыянальнай пракуратурай, і санкцыянавала яго затрыманне і арышт. Пракурор вынес рашэнне аб прад’яўленні яму 26 абвінавачанняў і заключэнні пад варту. Хоць Зёбра ў Венгрыі, яго адвакат запэўніў, што былы міністр юстыцыі не хаваецца.
Ён лічыць запыт аб арышце помстай.
"Прашэнне аб маім арышце — гэта чыстая помста Туска за расследаванні, якія раскрываюць каласальныя крадзяжы ў яго акружэнні. Гэта таксама адказ на расследаванні, звязаныя з абвінавачаннямі ў карупцыі ў яго адрас", — напісаў экс-міністр у сатсетцы Х.
Абвінавачанні, выстаўленыя Нацыянальнай пракуратурай супраць Зёбры, уключаюць незаконны перавод 25 мільёнаў злотых з Фонду юстыцыі ў Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро для куплі праграмнага забеспячэння Pegasus.