"Легія" вызначылася з новым галоўным трэнерам — і гэта не беларус

Эдвард Йордэнеску

Варшаўскі клуб узначаліў румын / Wiki

12 чэрвеня варшаўская "Легія" назвала імя новага галоўнага трэнера. Ім стаў румынскі спецыяліст Эдвард Ярданеску.

Нагадаем, што на гэтую пасаду разглядаўся беларус Аляксей Шпілеўскі, але кіраўніцтва "Легіі" не змагло выканаць яго патрабаванні. Паводле звестак польскіх інсайдэраў, беларус прасіў пяць новых футбалістаў і высокі заробак. У кіраўніцтва клуба, якое перажывае няпросты час, проста не было на гэта грошай.

Таксама, згодна з інфармацыяй польскіх журналістаў, Шпілеўскі настойваў на сваім трэнерскім штабе, асабліва на трэнеры брамнікаў. Але ў "Легіі" працуе спецыяліст, які ўжо больш за 20 гадоў трэніруе галкіпераў, і гэта таксама стала каменем спатыкнення падчас перамоў.

Нагадаем, што за "Легію" гуляе беларускі нападнік Ілля Шкурын.

Прэзентацыя Эдварда Ярданеску адбудзецца 16 чэрвеня.

Новы галоўны трэнер "Легіі" — паспяховы румынскі спецыяліст, найбольш вядомы па працы з "ЧФР Клуж", з якім двойчы выйграваў чэмпіянат і Кубак Румыніі.

У 2022–2024 гадах ён узначальваў нацыянальную зборную: пад яго кіраўніцтвам Румынія выйшла ў плэй-оф Еўра‑2024, упершыню за 24 гады пераадолеўшы групавы этап.

За гэтыя дасягненні ён двойчы прызнаваўся трэнерам года ў Румыніі. Пасля чэмпіянату Еўропы застаўся без працы — цяпер вяртаецца ў клубны футбол.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.