Лайфхак: як беларускім дэмсілам атрымаць рэспект ад афіцыйнага Кіева
Уладзімір Зяленскі / прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта
Як беларускім дэмакратычным сілам атрымаць рэспект ад афіцыйнага Кіева? Сваёй парадай у эфіры Еўрарадыё падзяліўся палітычны аналітык і былы супрацоўнік МЗС Беларусі Павел Слюнькін.
“Літоўцы ад самага пачатку рабілі зборы на Байрактар. Палякі таксама. Казахі пабудавалі нейкую юрту (у Кіеве), дзе маглі абагравацца людзі, у якіх знікла электрычнасць. А ад беларусаў нешта ёсць такое? Гэта не медыйнае, гэта сімвалічнае, бо словы — гэта ўсё прыемна і добра, але безумоўна нашмат больш важныя дзеянні”.
На думку Слюнькіна не трэба прыкрывацца чужымі подзвігамі: “Аналітыкі і палітыкі вельмі часта спасылаюцца на рэйкавых партызан — так, гэта важна, але гэта было вельмі даўно і нельга апеляваць гэтымі людзьмі і, тым больш, іх гераізмам. Гэта іх подвіг, а не наш. Нельга казаць, што мы, беларусы, супраць і апеляваць вынікамі сацыялагічнага апытання, што беларусы супраць вайны. Беларусы супраць вайны, але калі пытаемся, каго беларусы падтрымліваюць — Украіну ці Расію, то там не 80% за Украіну выступаюць”.
Што ж рабіць беларусам?
“Мне падаецца, што жаданне беларусаў дапамагчы Украіне існуе. І як мінімум людзі, якія з’ехалі ў замежныя краіны, маглі б збіраць грошы на краудфандзінгу: гэта можа быць юрта, гэта можа быць нейкая зброя. Гэта можа быць нешта больш таннае, але нейкая рэч, якую можна паказаць як наш згуртаваны падарунак ад беларусаў да ўкраінцаў”.