Лаўроў абняў Кім Чэн Ына пасля абяцання Трампа аднавіць пастаўкі зброі Кіеву
Кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын і міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. / KCNA
Лідар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын сустрэўся з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым у Пхеньяне, паведамляе BBC са спасылкай на дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва KCNA.
Паўночная Карэя прапанавала Расіі "безумоўную падтрымку" ў вайне. Кім заявіў, што Пхеньян падтрымлівае "ўсе захады, якія прымае расійскае кіраўніцтва" для ліквідацыі "каранёвай прычыны ўкраінскага крызісу". Паводле СМІ, сустрэча Кіма і Лаўрова прайшла ў "атмасферы цёплага таварыскага даверу".
Паводле дадзеных заходніх чыноўнікаў, цягам года КНДР адправіла ў Расію каля 11 тысяч сваіх вайскоўцаў. Вясной гэтага года КНДР афіцыйна прызнала ўдзел у вайне супраць Украіны. Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва апублікавала заяву пра аперацыю ў Курскай вобласці, дзе былі задзейнічаны падраздзяленні Паўночнакарэйскіх узброеных сіл.
КНДР пацвердзіла сваю падтрымку Расіі неўзабаве пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў новыя пастаўкі зброі ва Украіну.