Лаўроў пра аб’яднанне Беларусі і Расіі: Вакол гэтага пытання зашмат эмоцыяў

Міністр замежных справаў Расіі Сяргей Лаўроў пракаментаваў перспектывы беларуска-расійскай інтэграцыі. Ён перакананы, што двухбаковая рабочая група паспрыяе дасягненню пэўных дамоўленасцяў паміж краінамі. Пра гэта Лаўроў заявіў у інтэрв’ю В’етнамскаму тэлебачанню, Цэнтральнаму тэлебачанню Кітая і кітайскаму тэлеканаму Phoenix.
Адзін з журналістаў спытаў, як кіраўнік расійскага МЗС расцэньвае словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Беларусь гатовая аб’яднання з Расіяй. “Ці гатовая Расія да такога кроку?” — пацікавіўся журналіст.
“Вакол гэтага пытання зашмат эмоцыяў, журналісты многае дадумваюць і дапісваюць. У нас вельмі простая пазіцыя, і яна падзяляецца прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Ёсць дамова пра стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, у ёй выкладзеныя тыя дамоўленасці, якія леглі ў аснову Саюзнай дзяржавы. Яны датычаць узаемадзеяння ў эканоміцы, фінансах, у сферы палітычнай і знешнепалітычнай каардынацыі”, — адказаў Лаўроў.
Міністр адзначыў, што рабочая група дзвюх краінаў па інтэграцыі мусіць паглядзець, “наколькі дамоўленасці той эпохі на сённяшні дзень выкананыя”, і што трэба зрабіць, улічваючы сучасны стан развіцця дзяржаваў. “Роўна пра гэта і вядзецца, таму мы гатовыя працягваць супрацоўніцтва настолькі, наколькі гатовая гэта рабіць сама Беларусь. Відаць, гэтым кіруецца і беларускі бок. Значыць, мы дамовімся пра нешта, я ўпэўнены ў гэтым”, — сказаў міністр замежных справаў Расіі.