Колькасць вакцынаваных ад COVID-19 у свеце перавысіла 10 млн

Вакцынацыя ад COVID-19 / Reuters published by Euroradio
Вакцынацыя ад COVID-19 / Reuters published by Euroradio

Колькасць вакцынаваных ад COVID-19 у свеце перавысіла 10 млн. Пра гэта паведамляе Bloomberg.

Па звестках агенцтва, ужо прышчэплена 10,8 млн чалавек у 29 краінах. "Дастаўка наступных мільярдаў доз стане адной з самых складаных лагістычных задач, якія калі-небудзь стаялі перад чалавецтвам", — адзначаюць у Bloomberg.

Па звестках сайта Our World in Data, на вечар 1 студзеня колькасць вакцынаваных склала 9,9 млн. У лідарах па абсалютным паказчыку — колькасці прышчэпленых грамадзянаў — Кітай (4,5 млн), ЗША (2,79 млн), Вялікабрытанія і Ізраіль (па 1 млн). Па адносным паказчыку — колькасць прышчэпак на 100 чалавек — абсалютнае лідарства ў Ізраіля, дзе ўжо прышчэплена каля 11,5% грамадзянаў.

У большасці краін першымі вакцыну ад COVID-19 атрымліваюць медыкі, якія штодня рызыкуюць сутыкнуцца з інфікаванымі пацыентамі. Таксама вакцынуюцца людзі з іншых груп рызыкі: людзі сталага веку і тыя, чыя праца звязана з камунікацыяй з вялікай колькасцю людзей.

Перад Новым годам Міністэрства аховы здароўя Беларусі абвясціла, што ў краіне таксама пачатая прышчэпачная кампанія ад COVID-19. Аднак колькасць прышчэпленых не публікуецца. Як і дадзеныя аб захворванні каранавіруснай інфекцыяй ў Беларусі ў разрэзе рэгіёнаў, а таксама дадзеныя аб смяротнасці ў Беларусі ў 2020 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.