Кіроўцу, які наехаў на нагу даішніку, будуць судзіць за замах на забойства

Кард з відэа МУС
Кіроўцу, які наехаў на нагу супрацоўніку міліцыі, будуць судзіць за замах на забойства. Як стала вядома праваабарончай арганізацыі "Вясна", жыхар Мінска Аляксандр Троцкі абвінавачваецца ў спробе забойства супрацоўніка міліцыі.
Па версіі следства, вечарам 12 жніўня 45-гадовы мужчына за рулём свайго аўтамабіля збіў супрацоўніка ДАІ.
Гэта адбылося каля стэлы, калі машыну Аляксандра спынілі сілавікі. Ён адмовіўся выйсці з машыны, але яму разбілі вокны і выцягнулі з салона, а затым збілі. Ён правёў у шпіталі тры тыдні.
Першапачаткова Троцкаму было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу — гвалт над супрацоўнікам міліцыі. Цяпер жа справу перакваліфікавалі: мужчыну будуць судзіць па артыкуле 362 — замах на забойства супрацоўніка міліцыі. Гэты артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі ад 10 да 20 гадоў і нават смяротнае пакаранне.
Суд над Аляксандрам Троцкім пройдзе ў Мінскім гарадзкім судзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.