Кіраўнікоў брэсцкіх арганізацый з пазыкамі па заробках не пускаюць за мяжу
Брэсцкая пракуратура / Генпракуратура
У Брэсцкай вобласці перасталі выпускаць за мяжу кіраўніцтва прадпрыемстваў, дзе ёсць запазычанасць па зарплаце, паведамляе Генпракуратура.
Судовыя выканаўцы з ініцыятывы пракурораў накіроўваюць у суды прадстаўленні для часовага абмежавання выезду. Сёлета такія меры прынялі ўжо да 11 службовых асоб і заснавальнікаў арганізацый-даўжнікоў. Пасля пагашэння запазычанасці па заробках забарону здымаюць.
Агулам у вобласці сёлета было вынесена 30 прадпісанняў аб ліквідацыі запазычанасці па заробках. У выніку 670 работнікам выплацілі больш за 1,1 мільёна рублёў. Акрамя таго пачалі чатыры крымінальныя справы, ініцыявалі прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці 31 службовай асобы.