Кіраўнік праўладных камуністаў прапануе адмяніць усеагульныя прэзідэнцкія выбары

Сыранкоў падпісваецца за вылучэнне Лукашэнкі на "выбарах" / КПБ
Адмяніць усеагульныя прэзідэнцкія выбары і выбіраць кіраўніка дзяржавы на Усебеларускім народным сходзе (УНС), прапануе першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Сяргей Сыранкоў. Гэтую прапанову экс-кандыдат у прэзідэнты агучыў у эфіры тэлеканала АНТ.
Сыранкоў заяўляе, быццам "народ на рэферэндуме ў 2022 годзе вызначыўся, што УНС як вышэйшы прадстаўнічы орган краіны павінен не проста быць заснаваным, а адказваць менавіта за стратэгію развіцця нашай краіны". Паводле яго за апошнія гады, беларусы двойчы падтрымалі Лукашэнку — выбраўшы старшынёй УНС у 2024-м і кіраўніком Беларусі ў 2025-м.
"Я не выключаю, што, калі ад людзей паступіць такі запыт /аб адмене прамых выбараў і абранні прэзідэнта на УНС. — Рэд/ — а размовы пра гэта ўжо ідуць, шчыра скажу, на дыялогавых пляцоўках і падчас адзіных дзён інфармавання, — грамадзяне задаюць пытанне: навошта нам праходзіць гэтыя кругі пекла, калі ёсць выдатны досвед Кітая?" — паведаміў лідар камуністаў. Таксама ён спаслаўся на з'езды КПСС, дзе выбіралі кіраўніка Савецкага Саюза.
Таму Сыранкоў не выключыў, што ў Канстытуцыі зробяць адпаведныя змены, якія дазволяць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу вызначацца ў тым ліку і з кіраўніком дзяржавы.
Таксама ён прапанаваў перайменаваць прэзідэнта у Беларусі ў "старшыню". Палітык мяркуе, што гэтае слова больш блізкае па духу беларускай ментальнасці — па аналогіі са "старшынёй калгаса ў сельскай мясцовасці, дзе ён цар і бог".
На "выбарах" 2025 года Сыранкоў вылучыўся кандыдатам-спойлерам Лукашэнкі і казаў, што ідзе падтрымаць кіраўніка дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.