"Экстрэмісцкім фармаваннем" прызналі партыю, ліквідаваную два гады таму

Сцяг Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)

Сцяг Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) / facebook.com/BSDP.Hramada

У Беларусі прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем" Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), юрыдычна ліквідаваную амаль два гады таму. Міністэрства ўнутраных спраў прыняло адпаведнае рашэнне 7 траўня, заўважыў праваабарончы цэнтр "Вясна".

У ведамстве заяўляюць, што дачыненне да партыі маюць Ігар Барысаў, Ігар Маслоўскі, Ганна Канюс.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — адна знайстарэйшых палітычных партый Беларусі. Яна была ўтвораная 2 сакавіка 1991 года. БСДП працягвае традыцыі Беларускай сацыялістычнай Грамады (1902—1918) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (1918—1924).

Як і большасць партый у Беларусі БСДП пасля 2020-га трапіла пад "зачыстку". 20 верасня 2023 года Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў партыю. Перад гэтым БСДП адмовілася падаваць у Мінюст поўны спіс партыйцаў з указаннем усіх звестак, каб не падстаўляць людзей пад рэпрэсіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.