Кіраўнік ДПК сцвярджае, што палякі плануюць "захапіць беларускага памежніка"
Анатоль Лапо / БЕЛТА
Польскія сілавікі плануюць захапіць беларускага памежніка, заявіў у эфіры тэлеканала "Беларусь-1" старшыня Дзяржпамежкамітэта Беларусі Анатоль Лапо. У выпадку такога павароту падзей Лапо загадаў страляць без папярэджання.
"Калі я атрымаў інфармацыю, што польскія сілавікі плануюць, магчыма, захапіць беларускага памежніка, я аддаў каманду без папярэджання неадкладна ўжываць зброю", — заявіў Лапо.
Ён лічыць, што польскі бок хоча справакаваць беларускіх памежнікаў "на нейкія меры ў адказ". Ён успомніў, у прыватнасці, аб пашкоджаным памежным знаку.
Інцыдэнт з памежным знакам адбыўся 17 студзеня. Беларускія памежнікі выявілі на шчытку з дзяржаўным гербам прабоіны. Паводле версіі польскага боку, беларусы самі пашкодзілі знак. Польскі бок прапаноўваў калегам правесці нараду і абмеркаваць інцыдэнт, але "беларусы адмовіліся, а ўвечары ў СМІ з'явілася паведамленне аб пашкоджанні беларускага памежнага знака польскім бокам". У Беларусі патлумачылі адмову сустрэцца сітуацыяй з COVID-19 і настойваюць, што польскі бок распаўсюджвае ілжывую інфармацыю.
Са свайго боку памежная служба Польшчы перыядычна паведамляе аб сумнеўных паводзінах на мяжы беларускіх сілавікоў — пра тое, што яны дапамагаюць мігрантам прарывацца праз мяжу. На днях, да прыкладу, паведамлялася пра чарговую такую спробу прарыву каля Мельніка. Тады пацярпеў польскі салдат, яго ўдарылі каменем па галаве.