"Кіберпартызаны" і Silent Crow заявілі пра ўзлом сістэмы "Аэрафлота"

Калаж "Кіберпартызанаў" пасля атакі на "Аэрафлот"

Калаж "Кіберпартызанаў" пасля атакі на "Аэрафлот" / Wikimedia

"Аэрафлот" за раніцу адмяніў ужо 47 рэйсаў, у тым ліку ў Мінск і з Мінска.

Да гэтага датычныя "Кіберпартызаны": яны заяўляюць, што разам з хактывістамі з Silent Crow скампраметавалі і знішчылі ўнутраную IT-інфраструктуру расійскай авіякампаніі.

"Кіберы" распавядаюць, што знаходзіліся ў карпаратыўнай сетцы "Аэрафлота" цягам года. Яны выгрузілі ўсю гісторыю пералётаў, атрымалі кантроль над персанальнымі камп'ютарамі супрацоўнікаў (у тым ліку з вышэйшага кіраўніцтва), скапіявалі даныя з сервераў праслушкі і шмат што іншае.

"У выніку дзеянняў было знішчана каля 7000 сервераў — фізічных і віртуальных. Аб'ём атрыманай інфармацыі: 12TB баз даных, 8TB файлаў з Windows Share, 2TB карпаратыўнай пошты, сцвярджаюць хактывісты. — Усе гэтыя рэсурсы цяпер недасяжныя ці знішчаныя. Аднаўленне будзе патрабаваць, магчыма, дзясяткаў мільёнаў долараў. Шкода — стратэгічная".

"Аэрафлот" тым часам паведамляе пра "збой у працы інфармацыйных сістэм", у сувязі з якім "чакаецца вымушаная карэктаванне ў раскладзе рэйсаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.