Касцюшка, Каліноўскі і Быкаў не ўвайшлі ў дзяржаўны "пантэон герояў"

Васіль Быкаў / TASS
На фасадзе новага будынку Нацыянальнага гістарычнага музею, які плануюць пабудаваць на месцы парку "Дрымлэнд", з'явіцца так званы "пантэон герояў". Гэта будуць шэсць барэльефаў з выявамі тых, каго рэжым Лукашэнкі прызнаў нацыянальнымі героямі. Іх імёны назвалі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТБ.
Першы барэльеф — зборны вобраз плямёнаў крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў.
На другім барэльефе будуць Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Рагвалод, Тур, Брачыслаў Ізяслававіч, Рагнеда, Ізяслаў, Юрый Яраслававіч.
Трэці барэльеф пакажа пераважна асветнікаў ад эпохі Сярэднявечча да XVIII стагоддзя: Францішак Скарына, Войшалк, Афанасій Філіповіч, Сімяон Полацкі, Георгій Каніскі, Давыд Гарадзенскі, Васіль Цяпінскі, Казімір Семяновіч, Сымон Будны.
Чацвёрты барэльеф упрыгожаць выявы навукоўцаў і літаратараў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў: Яфім Карскі, Максім Багдановіч, Іван Насовіч, Іосіф Сямашка, Іосіф Гурко, Францішак Багушэвіч, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Ігнат Буйніцкі, Алаіза Пашкевіч.
Пяты барэльеф адлюструе савецкую эпоху: Янка Купала, Якуб Колас, Аляксандр Чарвякоў, Пётр Машэраў, Кірыл Мазураў, Кірыл Арлоўскі, Мікалай Барысевіч, Максім Танк, Вера Харужая, Сяргей Прытыцкі.
Шосты барэльеф: Міхаіл Савіцкі, мітрапаліт Філарэт, Міхаіл Высоцкі, Іван Шамякін, Аляксандр Дубко, Ігар Лучанок, Уладзімір Мулявін, Стэфанія Станюта, Міхаіл Пташук, Аляксандр Мядзведзь.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч заявіў, што выявы Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага не трапілі на барэльефы, бо гэта неадназначныя асобы: "Не сакрэт, мы ўсе ведаем, на слыху постаць Тадэвуша Касцюшкі, якога некаторыя ледзь не прапануюць лічыць нацыянальным героем Беларусі. З майго гледзішча, не, гэта абсалютна непрымальна. Таму што, так, Касцюшка паходзіў з мясцовай шляхты, ён нарадзіўся тут, на тэрыторыі Беларусі. Але тая дзейнасць, якую ён вёў, па сутнасці абараняла інтарэсы польскай дзяржавы, інтарэсы Злучаных Штатаў Амерыкі ў вайне за незалежнасць.
Гэта не значыць, што мы павінны яго выкрасліць з нашай гісторыі. Ды не, вядома ж, ён у гісторыі нашай ёсць, але мы павінны глядзець на ягоную дзейнасць аб’ектыўна. Тое самае і ў дачыненні Кастуся Каліноўскага. Таксама неадназначная постаць. Натуральна, у пантэон павінны ўваходзіць сапраўды тыя людзі, якія гэтага вартыя".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.