Канец тыдня ў Беларусі будзе з дажджамі і навальніцамі
Дождж, ілюстрацыйнае фота
У пятніцу, 27 чэрвеня, уначы чакаецца пераменная воблачнасць, пераважна без ападкаў, паведамляе Белгідрамет.
Зранку і ўдзень на большай частцы тэрыторыі пройдуць дажджы, месцамі прагназуюцца моцныя дажджы і навальніцы. Вецер будзе заходні з пераходам на паўднёвы, уначы — умераны, удзень — парывісты, у асобных раёнах — моцны парывісты, да 15-20 метраў за секунду. Сіноптыкі абвясцілі жоўты ўзровень небяспекі.
Тэрмометры ўначы пакажуць 8-14 градусаў вышэй за нуль. Удзень паветра прагрэецца да +18...+24 градусаў.
У суботу і нядзелю прагназуецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. Пройдуць дажджы, у суботу — моцныя. Магчымыя навальніцы. Удзень чакаецца моцны парывісты вецер. Тэрмометры ўдзень пакажуць ад 15-17 да 23-26 градусаў цяпла, найбольш цёпла будзе на захадзе краіны.