“Канцлагер працягваецца”. Беларускі музыка— пра дапамогу палітвязням пасля турмы

Сяргей Доўгушаў / YouTube
Сяргей Доўгушаў / YouTube

Вядомы беларускі музыка, заснавальнік "Спеўных сходаў", розных фестываляў і мерапрыемстваў фальклорнай накіраванасці Сяргей Доўгушаў распавёў, чаму давялося перафарматаваць творчую рэзідэнцыю ў Варшаве і як ён з калегамі дапамагае рэабілітавацца экс-палітвязням.

Музыка кажа, што ён намагаецца дапамагчы палітвязням і іх сем’ям усім, чым можа.

— Мне гэта вельмі баліць. Я шмат пісаў. У адзін дзень каля 20 лістоў. Я нават зараз сустракаю людзей, якім пісаў і яны ўжо выйшлі. Ну, не дайшлі лісты, вядома, не дайшлі. Але пісаць трэба, перадаваць камусьці тэлеграмы, камусьці нейкую дапамогу.

Сяргей Доўгушаў кажа, што ў ЗША з’явіліся грошы, каб можна было дапамагаць беларускім палітвязням.

— Асабліва стаў думаць пра тых, хто зараз выйшаў з турмы. Гэта людзі, у якіх стрэс. Ты вяртаешся з канцлагера ў новы канцлагер. І ніхто не будзе пісаць “выйшаў з турмы, дайце мне дапамогу ці дапамажыце з’ехаць”. Там у людзей іншае.

І я падумаў, як ім магу дапамагчы. У нас ёсць рэзідэнцыя — Дом творцаў. Мы зрабілі чатыры — музычную, тэатральную, фальклёрную і мастацкую. І гэта было накіравана на дапамогу творчым людзям, каб яны змаглі ва ўтульных умовах ствараць свае праекты. І сапраўды былі такія важныя моманты, калі мы прэзентавалі выставы. А потым гэты дом у Варшаве быў закінуты. Няма праектаў, мяне тут не было. І прыйшлося мне прыехаць, каб гэта ўсё зноў зажыло.

Цяпер у доме, па словах музыкі, жыве каля 10 чалавек. Колькасць людзей мяняецца, адзін выходны і 13 было. Гэта розныя людзі, якія нават не маюць дачынення да творчасці.

— Але найперш гэта людзі, якія прайшлі праз рэпрэсіі. Зараз ідуць хто паўтара года адседзеў, два гады. Пішуць шмат людзей, просяць дапамагчы жытлом, таму што ў Варшаве вельмі ўсё падаражэла. Але ў нас у першую чаргу тыя, хто вызваліўся з турмаў. І вось мы з імі сябруем. Кожны вечар збіраемся за сталом.

Першае — мы дапамаглі людзям нейкім чынам не думаць пра тое, што есці, дзе жыць. Дапамагаем набыць праяздны, знайсці пэўныя кантакты, куды напісаць, дзе зрабіць медычны агляд.

Людзі прыязджаюць часцей за ўсё без валодання мовай, з дому не хочацца выходзіць. Пасля ўсяго перажытага хочацца, каб іх проста не чапалі. Таму трэба пэўны момант разумець гэтых людзей.

І канешне арганізуем псіхалагічную дапамогу. Зараз прыедзе група псіхолагаў, якая таксама будзе рабіць розныя псіхалагічныя трэнінгі на адаптацыю, посттраўматычныя. Панаслухаўшыся гэтых расповедаў, што там адбываецца (за кратамі), то гэта жахліва. Канцлагеры працягваюцца і вельмі хачу дапамагаць такім людзям, вельмі хачу ўдзельнічаць у іх жыцці. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.