Канцэрн Henkel не будзе даваць новую рэкламу на беларускія тэлеканалы
 
  Нямецкі хімічны канцэрн Henkel адмовіцца ад супрацоўніцтва з беларускімі дзяржаўнымі тэлеканаламі АНТ, СТБ і Беларусь-1, піша выданне Frankfurter Allgemeine Zeitung.
Напярэдадні пабачыў свет даклад праваабарончай арганізацыі Libereco, прысвечаны рэкламе заходніх кампаній на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. Henkel выявіўся трэцім па значнасці заходнім рэкламадаўцам на іх.
У канцэрне заявілі, што новую рэкламу на дзяржаўнай тэлевізіі размяшчаць не будуць. Прадстаўнік канцэрна заявіў выданню: "Мы вельмі сур'ёзна ставімся да крытыкі і адаптавалі нашу мясцовую маркетынгавую дзейнасць з улікам гэтага".
Henkel — вядомы вытворца бытавой хіміі і касметыкі, якому належаць такія брэнды, як Persil, Pril, "Пемалюкс", "Дэні", Losk, Clin, Fa, Taft, Shamtu, Metylan, Ceresit ды інш.
 
     
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
