Каментары інтэрнэт-троля зноў не прызналі шкоднымі
Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу незалежнай журналісткі на рашэнне суда Маскоўскага раёна.
Нагадаем, што карэспандэнтка газеты "Брэсцкі кур'ер" Мілана Харытонава патрабавала ад інтэрнет-троля кампенсацыі за маральную шкоду, а таксама абвяржэння на старонках парталу "Віртуальны Брэст".
Менавіта на гэтым партале з’явіўся фотарэпартаж з акцыі мясцовых дэмакратычных актывістаў “Хопіць друкаваць фанцікі”, а пад ім пазней з’явіліся абразлівыя, на думку Харытонавай, каментары ў яе адрас. Міліцыя вылічыла, што выказванні пакінуў супрацоўнік газеты гарвыканкама “Брестский вестник” Уладзімір Міневіч.
Суд маскоўскага раёна не задаволіў патрабаванняў Міланы Харытонавай: абразаў у выказваннях Міневіча не было. Суддзя абапіраўся на вынікі лінгвістычнай экспертызы. Рашэнне пакінуў без зменаў і Брэсцкі абласны суд.
Са словаў Міланы Харытонавай, у справе ад пачатку адбылася "падмена паняццяў" — такую лінію абароны абраў Міневіч:
"Суд першай інстанцыі так бы мовіць пайшоў за адказчыкам і павёў справу ўвогуле не ў тым накірунку. Я казала пра абарону годнасці, гонару і дзелавой рэпутацыі, а адказчык настойваў на тым, што абраза гэта ці не? І экспертыза была прызначаная менавіта з такім пытаннем, і высновы суда грунтуюцца на тым, што гэта не абраза. Хоць у першапачатковым пазове ўвогуле не было такога слова "абраза". Я і мой адвакат разумеем, што гэта не абраза, але гэтыя каментары могуць сапсаваць маю рэпутацыю і прынізіць чалавека, выклікаць негатыўныя пачуцці".
Журналістка будзе надалей абскаржваць рашэнне абласнога суда ў вышэйшай інстанцыі. Таксама, дадала Мілана Харытонава, нават у прызначанай судом Маскоўскага раёна лінгвістычнай экспертызе было пазначана, что выкарыстаныя адказчыкам выказванні могуць абурыць чалавека, прынізіць яго гонар і годнасць.