“Калі вы чакалі знак — вось ён”. Галоўнае з першай прэс-канферэнцыі Ціханоўскага

Сергей Тихановский на свободе: первая пресс-конференция

Сяргей і Святлана Ціханоўскія / tsikhanouskaya.org

Сяргей Ціханоўскі даў 22 чэрвеня першую пасля вызвалення прэс-канферэнцыю. Ён і Святлана Ціханоўская выступілі з зваротамі, а затым адказвалі на пытанні беларускіх і замежных журналістаў.

Пры адказах на некаторыя пытанні Сяргей Ціханоўскі не мог стрымаць эмоцый — напрыклад, калі гаворка заходзіла пра першую сустрэчу з дзецьмі або пра ўмовы ў турме. Пра іншыя тэмы — напрыклад, пра сустрэчу з Раманам Пратасевічам — палітык распавядаў жывой мовай і з максімальнай падрабязнасцю.

Еўрарадыё сабрала асноўнае з першых заяваў Сяргея Ціханоўскага на волі.

“Вось знак”

“Хачу звярнуцца да ўсіх беларусаў — калі вы чакалі знак, то вось ён. Дзяржавы гінуць тады, калі не могуць адрозніць дрэнных людзей ад добрых. Абвінавачанне, выстаўленае супраць ката, стала прысудам для ахвяры”, — сказаў Ціханоўскі і падняў кулак — гэта яго пазнавальны жэст з 2020 года, які пазней паўтарыла Святлана, калі вылучылася замест мужа ў прэзідэнты.

“Лідар — мая жонка”

Журналістаў цікавіла пытанне лідэрства: хто цяпер галоўны апазіцыянер у Беларусі — Святлана ці Сяргей Ціханоўскія. І ці плануе палітык працаваць з Офісам Ціханоўскай.

“Я планую не лезці ў дзейнасць Офіса”, — падкрэсліў ён.

Як сказаў Сяргей Ціханоўскі, у турме яго ўвесь час спрабавалі дэзынфармаваць пра тое, што адбываецца ў дэмсілах і ў Офісе, але ён не верыў.

“Я больш сумленнага чалавека, чым Святлана, у жыцці не сустракаў, я яе пальца не варты… А я ім ківаю: ды, ды, я ў газетах гэта чытаў…”, — сказаў былы палітвязень.

“Лідаркай апазіцыі з’яўляецца мая жонка — Святлана Ціханоўская, і я ні на што тут не збіраюся прэтэндаваць. Лідарам не можа быць чалавек, які пяць гадоў прасядзеў у ізаляцыі. Такіх лідэраў, як я, у нас тысячы”, — падкрэсліў Ціханоўскі.

Пра Расію і Крым

Літоўскі журналіст пацікавіўся пазіцыяй Сяргея Ціханоўскага наконт Расіі і яго паездкі на акупаваны Крым у 2014 годзе.

“Я цалкам згодны з тым, што вызваленне Беларусі не можа пачацца, пакуль не абрынецца пуцінскі рэжым. Абсалютна. Калі б не Пуцін, то мы б цяпер тут не сядзелі — усё б скончылася ў 2020 — 2021 годзе. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены”, — сказаў ён і адхіліў усе абвінавачанні ў “прарасійскасці”.

Пра паездку ў Крым Ціханоўскі патлумачыў, што ў яго быў бізнэс, у тым ліку ў Маскве, і знаёмы аднойчы папрасіў яго на дзень у паломніцтва. Ён прызнаўся, што тады не думаў у катэгорыях “ваш” або “наш”. Сёння ён заявіў, што Крым — тэрыторыя Украіны.

“І тыя прэтэнзіі, якія Расія выстаўляе з нагоды розных украінскіх тэрыторый, я іх абсалютна не падтрымліваю. А абсалютна падтрымліваю Украіну. Прэзідэнту Зяленскаму выпала такая найцяжэйшая доля. Вось тое, што я перажыў, я ўпэўнены, гэта ерунда ў параўнанні з тым, што прэзідэнт Зяленскі перажывае ўсе гэтыя гады”, — дадаў ён.

Трамп можа ўсіх вызваліць

Сяргей і Святлана Ціханоўскія падчас прэс-канферэнцыі падзякавалі адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа за дапамогу ў вызваленні палітвязняў. Палітык упэўнены, што пад ціскам Вашынгтона Лукашэнка можа вызваліць усіх.

“У прэзідэнта Трампа цяпер ёсць сіла і магчымасць адным словам вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі, і я прашу яго зрабіць гэта, сказаць гэтае слова”.

Палітыка — брудная справа

Успомніў Сяргей Ціханоўскі і знакамітую сустрэчу ў СІЗА КДБ: калі восенню 2020 года туды на сустрэчу з вядомымі палітвязнямі прыйшоў Лукашэнка. Падчас яе палітык некалькі разоў пытаўся ў Лукашэнкі, навошта той “падкінуў” яму 900 тысяч долараў (у Ціханоўскіх падчас вобшуку знайшлі буйную суму грошай не з першага разу, пара заяўляла, што грошы не іх. — Еўрарадыё).

"Ён заявіў: “А што вы хацелі, палітыка — гэта брудная справа. Вы павінны быць гатовыя, што вам і грошы падкінуць, і схопяць, і пасадзяць. Віктар Дзмітрыевіч [Бабарыка] кажа: “А мы думалі, з чыстымі рукамі можна прыйсці”. Я кажу: “Так!”. А ён [Лукашэнка] такі: “Не!” — успомніў Ціханоўскі.

Пра ўмовы для “палітычных”

“Усе гэтыя пяць з лішнім гадоў мне нават спавядацца не далі. Уяўляеце? Я, праваслаўны хрысціянін, не магу ні спавядацца, ні прычашчацца. А ў законе прапісана [можна] кожны месяц. Лісты, званкі, святар, адвакаты — нічога няма. […] Нельга было купіць зубную шчотку, мыла. Гадамі!” — так Сяргей Ціханоўскі распавядаў пра ўмовы ў турме.

Яму не давалі тэлефанаваць родным, нават не дазвалялі абменьвацца лістамі.

Умовы ў “маньякаў, забойцаў у суседніх камерах”, сказаў Ціханоўскі, былі лепшымі.

"Як можна такое рабіць? Ну ёсць жа правы чалавека нейкія элементарныя. Зняволены ж застаецца чалавекам, нават калі вы лічыце нас злачынцамі. Гэта трэба спыніць, трэба людзей адтуль выцягваць".

Падчас прэс-канферэнцыі ён некалькі разоў агучыў перакананасць у тым, што ў найбліжэйшыя паўгода зняволеныя могуць выйсці ўсе палітвязні. І заклікаў ЗША паспрыяць гэтаму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.