ISW: малаверагодна, што Беларусь уварвецца ва Украіну ў агляднай будучыні
Палявы выхад зенітна-ракетнага палка / Міністэрства абароны РБ, фота ілюстрацыйнае
Інстытут вывучэння вайны назваў малаверагодным уварванне беларускай арміі ва Украіну ў агляднай будучыні. Там патлумачылі мэту інфармацыйных укідаў, у якіх прагназуецца хуткае далучэнне Беларусі да вайны.
"Мэта — заціснуць украінскія сілы ля мяжы з Беларуссю, каб яны не маглі актывізаваць наступ у іншых месцах тэатра ваенных дзеянняў", — гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны.
Спецыялісты Інстытута лічаць, што нават у выпадку ўварвання беларускае войска зможа хіба што адцягнуць сілы Украіны ад аперацый на іншых напрамках. Намаганні Крамля па ўцягванні Беларусі ў вайну там лічаць часткай доўгатэрміновага плана па ўзмацненні кантролю над Беларуссю.