Індыя і Пакістан дамовіліся аб спыненні баявых дзеянняў

Вайны атрымалася пазбегнуць / AFP
Індыя і Пакістан дамовіліся аб спыненні баявых дзеянняў. Пра гэта заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп:
"Пасля доўгай ночы перамоваў пры пасрэдніцтве Злучаных Штатаў я рады абвясціць, што Індыя і Пакістан дамовіліся аб поўным і неадкладным спыненні агню. Віншую абедзве краіны з ужываннем здаровага сэнсу і вялікага розуму. Дзякуй за вашу ўвагу да гэтага пытання".
Што за канфлікт?
І так не вельмі добрыя адносіны паміж краінамі сапсаваліся пасля таго, як тэрарысты расстралялі 26 турыстаў у індыйскай частцы Кашміра. МЗС Індыі ануляваў візы, выдадзеныя пакістанцам, і спыніў рух праз адзіны пункт перасячэння сухапутнай мяжы.
У ноч на 7 траўня Індыя абвясціла пра пачатак ваеннай аперацыі "Сіндур" супраць тэрарыстаў. Гэтак індыйскія ўлады адказалі на напад узброеных баевікоў на турыстаў на тэрыторыі Джаму і Кашмір, які адбыўся 22 красавіка. Тады 26 чалавек загінулі, а дзясяткі атрымалі раненні. Адказнасць за тэракт узяла на сябе групоўка "Фронт супраціву".
Індыя нанесла ўдары па падкантрольнай Пакістану частцы Кашміра. У Нью-дэлі заявілі, што цэлямі сталі лагеры тэрарыстаў, дзе размяшчаюцца штабы і навучальныя цэнтры ісламісцкіх тэрарыстычных груповак. Пакістан заявіў, што ў адказ збіў пяць індыйскіх знішчальнікаў і знішчыў штаб армейскай брыгады. Абедзве дзяржавы валодаюць ядзернай зброяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.